О музее

Конкурс экскурсаводаў музеяў

«Роднымі пуцявінамі»

Інфармацыйна-рэкламнае выданне 

 аб дзейнасці гісторыка-этнаграфічнага музея “Спадчына”

Выканала вучаніца 8 класа

Станулевіч Ганна Станіславаўна

кіраўнік музея Барысевіч Марыя Іванаўна

    Гісторыка-этнаграфічны музей “Спадчына” быў створаны ў Барунскай школе загадам дырэктара школы №47 ад 17 лістапада 2000 года ў час рэалізацыі інавацыйнага праекта этнашкола “Панямонне”. Быў назначаны кіраўнік музея, створаны Савет музея, які стаў апорай для працы па арганізацыі музейнай справы. З першых дзён была арганізавана мэтанакіраваная і адказная работа па збору экспанатаў, інфармацыі для афармлення стэндаў. У гэты працэс былі ўключаны настаўнікі і вучні школы. Вучні школы былі арганізаваны ў групы, якім былі дадзены канкрэтныя заданні па збору інфармацыі, экспанатаў сярод мясцовых жыхароў. Асаблівая ўвага была нададзена выбару памяшкання пад музей і фондасховішча, так як яны павінны былі адпавядаць усім неабходным патрабаваннем для размяшчэння і захавання экспанатаў.

У 2000 годзе Барунская школа прымала віншаванні з 300 годдзем. У сувязі з гэтым было неабходна сабраць інфармацыю пра гісторыю школы, яе слаўных выхаванцаў. Гэта праца была зроблена і пачалася работа па афармленню стэндаў і экспазіцый. У дастаткова кароткі час быў выкананы збор экспанатаў для стварэння этнаграфічных куткоў і курных хатак. На наступным этапе работы неабходна было сабраць, прааналізаваць, адабраць і сістэматызаваць інфармацыю для экскурсій. Была сфармірована група экскурсаводаў, з якой вяліся заняткі з мэтай іх падрыхтоўкі для правядзення экскурсій.

 У перыяд з 2000 года па 2006 год школьны музей займаў плошчу ў 52 кв. метры і размяшчаў наступныя раздзелы экспазіцый:

  1. Этнаграфічны
  2. Гісторыя Барун з 16 ст. да нашых дзён
  3. Гісторыя школы і яе выхаванцы
  4. Спартыўнае жыццё
  5. Баруны ў гады першай і другой сусветных войнаў
  6. Калхознае будаўніцтва
  7. Афганцы барунскай зямлі

У 2007 годзе вяліся работы па будаўніцтву аграгарадка ў вёсцы Баруны. У школе пачаўся планавы рамонт памяшканняў, знешняга фасаду і прышкольнай тэрыторыі. У сувязі з гэтым з 2007 года па 27 мая 2010 года музей знаходзіўся на рэканструкцыі.

Эмблема Барунскага гісторыка-этнаграфічнага музея “Спадчына” складаецца з дзвюх элементаў. Першы – гэта выява старажытнага манаха-летапісца, носьбіта навуковых ведаў. Праз смугу стагоддзяў захавалася багатая гісторыя Барунскага краю і гісторыя адукацыі на Барунскай зямлі. Свяча сімвалізуе святло навукі і ведаў, пяро і разгорнутая кніга – гэта таксама сімвалы асветы, адукацыі.

Другі элемент эмблемы – гэта чысты, белы, святочны ручнік з беларускім арнаментам. Ён вытанчана і элегантна абвінае выяву асветніка. Ручнік сімвалізуе этнаграфічны накірунак музея.

         У дадзены перыяд часу музей пераехаў у новае памяшканне з плошчай 49,7 кв. метраў, і складаецца з двух залаў – гістарычны і этнаграфічны.  У музеі размешчаны наступныя раздзелы экспазіцый:

1. Этнаграфічны

З сівой даўніны і на працягу доўгіх стагоддзяў ткацкі станок надзейна служыў людзям. З пакалення ў пакалення перадаваліся таямніцы ткацкага майстэрства, і ўрэшце нялёгкая праца ператварылася ў высокае мастацтва. Сведчанне таму – створаныя пад сялянскімі стэхамі і ўпрыгожаныя спрадвечнымі ўзорамі-замовамі абрусы, дываны, ручнікі. А асноўным матэрыялам для беларускай ткачыхі з’яўляўся лён.

Апрацоўка ільну прадугледжвала працэс аддзялення галовак ад сцяблін. Вядомыя два спосабы: абіванне і абрыванне. Наступны этап – атрыманне валакніны. Спачатку ільняную саломку змягчалі. Сцялілі лён на роўнай паверхні, і ён змягчаўся пад уплывам расы, дажджу і сонца. Пасля прасушкі лён мялі. ужо ў X–XIV стст. славянскія народы для апрацоўкі валакна выкарыстоўвалі льнамялкі. Яны маглі быць як ручнымі так і нажнымі, у нашым выпадку гэта ручная

Пасля валакно трапалі, выкарыстоўваючы дзеля гэтага  трапло  – тонкую дошку, 40–45 см даўжынёй і 6–8 см шырынёй і трапалку.  А пасля валакніну шкраблі драўлянымі ці жалезнымі грабянямі. Валакніна, якая атрымлівалася, звалася  кужаль. Яго скручвалі або запляталі ў косы, і гэтак захоўвалі да прадзення.

Шэрсць была таксама распаўсюджанай сыравінай для вырабу тканін. Апрацоўка складалася з трох этапаў: стрыжкі авец, мыцця і шкрабцення.

Працэс прадзення наступны. Нітку скручвалі на верацяне. Верацёны рабілі конусавіднымі, даўжынёй 18 – 30 см., з патаўшчэннем пасярэдзіне і надзетым на ніжнюю частку прасліцам, якое выкарыстоўвалася дзеля паскарэння кручэння верацяна падчас прадзення.

Пралі ў асноўным жанчыны. Жанчына трыма пальцамі левай рукі выцягвала валокны з кудзелі, а трыма пальцамі правай рукі круціла верацяно. Калі нітка дасягала даўжыні выцягнутай  рукі, яна наматвала нітку на пальцы левай рукі, а потым навявала яе на верацяно і на верхняй, завостранай, частцы замацоўвала пятлёй.

Пражу змотвалі ў маткі на самаробных драўляных прыстасаваннях — матавілах, якія ў нашых мясцінах называліся крыжы. Потым з маткоў ніткі змотвалі рукамі ў клубкі.

У XX ст. у сялянскім побыце распаўсюджаны быў калаўрот (“самапрадка”). Прасніца для калаўрота выглядае, як невялікая лапатачка, яна ўстаўляецца ў спецыяльную адтуліну ў самапрадцы. Самапрадка складаецца з кола, педалі, прадзільнага апарата. За зіму трэба было на вялікую сям’ю выткаць да 150 метраў тканіны.

Ніткі мылі і фарбавалі. Нашы старэйшыя зямлячкі ўспамінаюць, што рабілі для афарбоўкі льняной пражы адвар з кары дуба, ясеня, крушыны і інш. Пазней фарбы купляліся ў крамах ці ў вандруючых гандляроў.

Выраблялася тканіна на кроснах. Працэс вырабу тканіны, як бачна, — вялікая і нялёгкая праца жанчыны-сялянкі. Ён вёўся на працягу некалькіх месяцаў. Пры гэтым жанчыне даводзілася працаваць па 10 і больш гадзін у суткі. Адна жанчына, як сведчаць этнаграфічныя крыніцы, магла спрасці і выткаць за зіму да 100 аршын палатна (аршын каля 70 см).

У ткацтве найбольш ярка адлюстравана шматвяковая гісторыя развіцця творчых сіл беларускіх сялянак, іх майстэрства і эстэтычныя густы.

Асноўнымі прадметамі дамашняга вырабу заставаліся ў пачатку XX ст. паясы, ручнікі, абрусы. Абрусы былі паўсядзённымі і абрадавымі. Абрадавыя абрусы выкарыстоўваліся на вяселлі, ішлі на пасаг. Абрадавы абрус браўся ў час памінак на магілы родных. Лепшага ручніка, чым ільняны, не знайсці. Яго палатно, як абрадавая рэч, ішло на набожнікі (ручнікі для чырвонага кута), больш грубыя і доўгія служылі ўціральнікамі, якімі карысталася сям’я.

      2.Беларуская хатка

Сярод відаў матэрыяльнай культуры можна адзначыць жытло і ежу, якія нават у сучаснай вёсцы захавалі рысы традыцыйнасці.

Тыповы набор гаспадарчых пабудоў таксама вылучаўся рэгіянальнымі і этнаспецыфічнымі характарыстыкамі. У яго ўваходзілі хата, да якой прымыкалі камора, клець (на захадзе называлася свіран), хлявы (хлеў для коней — стайня), адрына ці пуня — збудова для захавання сена, пограб (склеп), гумно з сушылкай (ёўняй, асеццю) ці без яе, лазня, калодзеж (студня); двор быў абгароджаны плотам. За межы сядзібы выносіліся гумно, пуня, калодзеж . Пры гумне — сушыльні.

Цэнтральнае месца у сядзібе займала хата. Найбольш старадаўняя хата — аднакамерны будынак, да якога потым дадалі сенцы — так утварыўся двухкамерны будынак. Далейшая эвалюцыя хаты адбывалася праз ускладненне планіроўкі. Хутчэй за ўсё, першым трохкамерным будынкам быў у старажытнасці гэткі, што меў планіроўку хата+сенцы+камора.

Саму хату будавалі выключна з дрэва— яліны, хвоі. Цвікі таксама былі драўлянымі. На ніжнія вянцы выкарыстоўвалі дуб. Выкарыстоўвалі камяні-валуны, паміж якіх насыпалася дробнае каменне; іншым разам хату ставілі непасрэдна на зямлю.

Вокан (невялікіх, без рам, зачыняных засаўкамі, нярэдка — зацягнутых бычыным пузыром) зазвычай было тры ці чатыры. Два параўнальна вялікіх вакны абавязкова сыходзіліся там, дзе ў хаце ўтвараўся кут (кутнія вокны). Над дзвярыма размяшчалася вакенца для выхаду дыму, бо хаты былі без дымаходаў.

Падлога — добра утаптаная земляная ці глінабітная. Хаты зазвычай ставілі бокам да вуліцы.

Да другой паловы ХІХ ст. хата была пераважна курнай, і працэс усталявання комінаў ішоў досыць марудна. У канцы 20-х гг. ХІХ ст. у хатах без коміну ў той час на Палессі жыла нават дробная шляхта. Адтуліна для дыму рабілася над дзвярыма, дым выходзіў таксама праз адтуліну ў столі пасярэдзіне хаты, што закрывалася зверху, і, зразумела,— праз вокны.

Перад хатай была прыступка — калода ці камень. У хату ўваходзілі праз нізкія дзверы, пераступаючы праз парог.

Глінабітная печ, што з’явілася ў хаце пазней, размяшчалася адразу ля ўваходу, справа ці злева ад яго. У куту каля печы быў качарыжнік — месца, дзе стаялі качарга, ухват, венік, іншыя прылады. З другога боку ад уваходу размяшчаўся “бабін кут”: стаялі вёдры, была падвешана палічка з посудам. За павернутым у хату вуглом печы станавіўся прыпечны слуп. Наяўнасць гэтага слупа ў старажытнасці досыць верагодная, бо менавіта вакол яго разгортваўся рытуал найбольш даўняга вясельнага абраду — слупавога. Ад печы да бакавой сцяны ішлі спальныя памосты: ніжні — пол, і той, што быў меншым у памеры,— палаці. Побач з імі была падвешана люлька. Ад пачывальных месцаў да куту ўздоўж сцяны стаяла шырокая, нязрушная лава (дубовая ці хваёвая), а да яе, уздоўж бакавой сцяны, падыходзіла яшчэ адна, гэткая ж. На покуці традыцыйна віселі абразы, агорнутыя ручнікамі, і стаяла дзяжа. Бліжэй да куту ставілі стол з невялікай перанасной лаўкай — услонам.

Хата асвятлялася лучынамі, замацоўванымі ў лучніках ці папросту паўтыканымі ў сцяну.

З левай стараны ад курнай хаткі мы можам убачыць серп, прыстасаванне для збору ягад, вілы і іншы сельскагаспадарчы інвентар і прылады працы.

  Серп

Прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю,пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца 19ст. сярпы рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). Сярпы вырабляліся на заводах, шмат іх прывозілі на Беларусь з Цвярской губерніі. Мясцовыя кавалі таксама рабілі сярпы са старых кос. Перад жнівом сярпы зазубрывалі, тачылі іх рэжучую частку. Звычайна ў гаспадарцы кожная жняя мела свой серп. Захоўвалі іх да пачатку жніва ў сухім месцы, пры гэтым рэжучую частку абкручвалі сухой анучай. Сярпамі жалі яшчэ ў 1950 — 60-х г. У наш час у калгасах і саўгасах збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнамі і інш. машынамі; сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп (зажынкі, дажынкі).

Вілы

Ручная прылада для падняцця і пераносу снапоў, сена, саломы і г.д. Вядомы вілы драўляныя і металічныя з 2-3 пальцамі (зубамі) даўжынею 40-50 см і круглым гладка адшліфаваным дзержаком даўжыней 1,5-3 м. У трохзубых вілах трэці палец размешчаны насупраць двух як проціпалец. Драўляныя трохзубыя вілы выкарыстоўваліся ў сялянскіх гаспадарках пры сціртаванні снапоў і саломы, стагаванні сена, двухзубыя – для вытрасання саломы ў час малацьбы, прыгатавання трасянкі. У наш час бытуюць вілы з металічнымі пальцамі.

Цэп

Прасцейшая драўляная прылада для малацьбы збожжа. Складаецца з гладка выструганай палкі-цапільна і біча, рухома змацаваных паміж сабой. Звычайна біч быў круглы з патаўшчэннем на канцы. Цапільна рабілі з легкіх парод дрэва (дубу, грабу і інш.). Спосабы мацавання біча да цапільна: гужавы, або гужыкам, з дапамогай адной ці двух капіц, пятліцавы і хамуцікам.

Лапці

Традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага), пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Лыка для лапцей дралі ў маі-чэрвені, нарыхтоўвалі таксама луцце- тонкія ліпавыя жэрдкі з карой. У залежнасці ад тэхнікі вырабу вылучаліся два тыпы лапцей:прамога і касога пляцення.

 Выраб лапцей быў пераважна мужчынскім заняткам. Лапці насілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці на працягу ўсяго года. Іх надзявалі на палатняныя анучы, зімой-на суконкі. Дробная шляхта замест ануч ужывала шарсцяныя панчохі.

          Збан

Ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і вушкам-ручкай. Назва збан успамінаецца ў помніках старабел. пісьменнасці. Выраблялі збаны чорна-задымленыя і паліваныя па ўсей Беларусі.

  Ложак

Від мэблі, прыназначаны для адпачынку і сну. Вядомы з часоў сярэднявечча ў сядзібна-палацавых інтэр’ерах. У народным сялянскім жыллі набыў пашырэнне з 19 ст., замяніўшы сабой у інтэр’еры хаты пол і палаці, часам бытавалі паралельна. У наш час самаробныя драўляныя ложкі выцясняюцца прамысловымі вырабамі: у 20-50-я г. металічнымі, у наш час-драўлянымі розных форм і відаў; традыцыйна аздабляюцца тканымі вырабамі прамысловай ці хатняй вытворчасці.

 Лапата

 Прылада, з дапамогай якой саджалі цеста ў печ і даставалі хлеб з печы, падграбалі на таку і перамешвалі збожжа, падграбалі і раўнялі бульбу ў буртах. Рабілі яе з дошкі звычайна лісцевых парод дрэва. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Лапата для перамешвання збожжа мела неглыбокае авальнае выдзеўбанае дно.

Карыта або ночва

Прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбанная з дрэва або збітая з дошак. Выкарыстоўваецца звычайна для кармлення і вадапою жывёлы.

Пранік

Пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі) бялізну пры мыцці, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса.

Корабы з лубу

Ёмістасць для захоўвання і пераносу сыпучых прадуктаў (збожжа, мукі, круп, гароху і інш.), сплеценых з лубу. Круглыя ці авальныя корабы пераважна мелі канфігурацыю збанка, бочкі, гаршка, часта іх рабілі з вечкам; падстаўкай служылі адно ці два саламяныя звёны або лазовы прут. Мелі добрую вентыляцыю, таму ў іх нядрэнна захоўваліся прадукты. Корабы вылучаюцца разнастайнасцю форм, прыроднай прыгажосцю матэрыялу.

    3. Баруны – дробная мясціна

Шчыра вітаем і запрашаем узгадаць таямніцы і цуды барунскай зямлі, прыўзняць заслону яе славутай гісторыі, традыцый, даведацца пра знакамітых людзей, якіх яна ўзгадавала. Рады бачываць вас у гісторыка-этнаграфічным музеі “Спадчына” Барунскага вучэбна-педагагічнага комплекса.

Пачаткі пасялення губляюцца ў вяках. У канцы ХІІ – першай палове ХІІІ ст. на скрыжаванні шляхоў, адзін з якіх ідзе са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага  Вільні ў напрамку Мінска, Смаленска і Масквы, а другі злучае гарады-крэпасці Нясвіж, Мір, Навагрудак, Ліду, Гальшаны і Крэва, узнікла паселішча Баруны.

Назва Баруны, па меркаваннях Пятра Бітэля, наводзіць на думку, што пасяленне было закладзена ў лясной глушы, бо вядома, што ў той час большасць тэрыторыі нашага краю знаходзілася пад лясным покрывам. Ёсць думка, што вёска была закладзена на ўзбярэжжы баравога лесу і таму атрымала назву Баруны.

Дакументальных звестак аб пачатку Барунаў няма. Гэты недахоп запоўніла народная фантазія, стварыўшы нямала легенд, адна з якіх звязвае ўзнікненне вёскі з цудоўным з’яўленнем у бары іконы Багародзіцы, манахамі, кляштарам. Аднак вядома, што і касцёл і кляштар з’явіліся не на пустым месцы, а ў пасёлку.

Паводля даследавання Васіля Грыня, назва Баруны мае цюркскае паходжанне. У перакладзе з цюркскіх моў “барун” азначае “вершнік”. У Вялікім Княстве Літаўскім быў таксама шляхецкі род татарскага пахаджання Барунскія. Больш таго, вядома, што наваколлі Крэва і Барун гістарычна з’яўляюцца рэгіёнамі татарскіх асадаў з часоў Вітаўта. Недалёка ёсць вёска Ардашы, назва якой мае цюркскае паходжанне, а ў самім Крэва нават дагэтуль жывуць патомкі татар і вызнаюць іслам.

У ХVII — першай трэці ХІХ ст. мястэчка Баруны было адным з цэнтраў уніяцтва на Беларусі. У канцы ХVІ ці першай палове ХVІІ ст. тут узводзілася невялікая драўляная царква, аднак, яшчэ незавершаная, згарэла. У 1692 г. прыхільны уніі Мікалай Песляк заклаў тут уніяцкую царкву і прызначыў да яе 7 манахаў-базыльян, якім аддаў ва ўтрыманне мястэчка Баруны з жыхарамі, будынкамі, зямельнымі участкамі.

Базыльяне, якім у 1702 г. са згоды ўрада Баруны з усімі жыхарамі і ўгоддзямі былі перададзены ва ўласнасць, прывезлі з сабой ікону Маці Божай, якая лічылася цудадзейнай.

У 1707 г. мястэчка амаль цалкам знішчыў вялікі пажар. Згарэў драўляны будынак манастыра, а ад царквы засталіся толькі сцены. Царкву адбудаваў у 1715 г</st1:metricconverter>. уніяцкі мітрапаліт Леў Кішка. У 1747-1757 г. быў пабудаваны сённяшні будынак барунскага касцёла паводле праекта манаха Барунскага манастыра архітэктара Аляксея Асікевіча (дабудавана ў 1760-1770 гг.). У 1778-1793 г. пабудавалі двухпавярховы мураваны манастырскі корпус. Манастыр валодаў тады больш за 300 дзесяцін зямлі, не лічачы выпасаў, лугоў, лесу. Усе жыхары мястэчка былі манастырскімі прыгоннымі.

Да канца ХVIII ст. Барунскі базыльянскі манастыр быў адным з буйнейшых кнігапісных цэнтраў Беларусі. Калі друкарні выпускалі кнігі масавага попыту шматтысячнымі накладамі, то скрыпторыі выраблялі асабліва шыкоўныя заказныя або адсутныя на рынку «дэфіцытныя» кнігі. Вядомы імёны шэрагу барунскіх кнігапісцаў ХVІІІ ст.: Паісій Сахоўскі з Барун, Антон Завадскі.

     4. Школа ў 17-пач.20 ст.

Шырокую вядомасць набылі ў свой час Баруны як значны адукацыйны асяродак.

Да нашага часу дайшлі звесткі, што каля 1617 года ў Полацку, Жыровіцах і ў Барунах была адчынена базыльянамі  пачат­ковая школа для манахаў і святароў.

Гэта была тыповая базыльянская навучальная ўстанова. Паводле звестак Пятра Бітэля, спачатку гэта была 3-гадовая установа свецкага напрамку, у 1700 г. пераведзеная сюды разам з маёмасцю і настаўнікамі з мястэчка Вішнева (Ашмянскі павет). У 1740 г. па патрабаванню клерыкалаў яна змяніла сваю праграму і стала рыхтаваць кандыдатаў у духоўнае званне. У 1780 г. зноў стала свецкай і пераўтварылася ў 6-гадовую школу з прэфектам на чале і існавала да 1833 г. Сучасныя энцыклапедыі і даведнікі памылкова называюць датай заснавання ў Барунах публічнай 6-класнай школы базыльян верасень 1793 г.

Гэта навучальная установа закрытага тыпу, дзе спачатку ў школе выкладалі выключна вучоныя манахі, аднак у ХІХ ст. з’яўляюцца і свецкія выкладчыкі. Навучанне першапачаткова вялося на польскай мове. Педагагічны калектыў складаўся з шасці прафесараў (выкладчыкаў): лацінскай мовы, арыфметыкі, красамоўства, гісторыі, фізікі і матэматыкі, якія штодня па чарзе выкладаліся свае прадметы ва ўсіх класах. Пры школе быў манах, які валодаў лекарскім майстэрствам, і патрэбны набор лекаў.

У пачатку ХІХ ст. Баруны ўяўлялі сабой звычайную вёску, жыхары якой займаліся сельскагаспадарчай працай. Мястэчкам яна звалася таму, што мела прыгожую мураваную уніяцкую царкву і двухпавярховы базыльянскі манастыр. Царква і манастыр, разам з рынкавай плошчай, на якой стаяла так званая студэнцкая капліца, утваралі цэнтр мястэчка. Ад яго ў розныя бакі адыходзілі тры вуліцы (у тым ліку Мінская і Віленская) з выбоінамі і каляінамі, забалочаныя пасля дажджу. Вуліцы былі забудаваны 25-30 простымі драўлянымі дамамі, сярод якіх былі школа, 4 карчмы. Пратакол генеральнай візіты Барунскай школы, праведзенай у 1804 годзе, зафіксаваў, што школьны будынак уяўляў сабой асобны дом з памяшканнямі для правядзення ўрокаў. У ім была бібліятэка, якая складалася з 285 кніг, меліся матэматычныя інструменты для практыкі.

У розныя часы ў школе займаліся ад 140 да 200 юнакоў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў, найперш сыноў шляхты з з Ашмянскага і суседніх паветаў. Найбольш здольныя да навукі выпускнікі працягвалі вучобу ў Віленскім універсітэце. Раз у год візітатар, назначаны саветам гэтага ўніверсітэта, інспеціраваў школу.

     5. Шляхам гадоў

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Польшы пасля 1921 года на тэрыторыі Ашмяншчыны быў арганізаваны рэвалюцыйны рух супраць новай улады. Актыўнымі дзеячамі нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі Беларусі былі: камсамолец Счастны Уладзімір Давыдавіч, член Камітэта КПЗБ Арэхва Мікалай Сямёнавіч, відавочнік і ўдзельнік рэвалюцыйных падзей Голяс Міхаіл Вікенцьевіч. Менавіта Гэтыя людзі рызыкуючы сваім жыццём праводзілі гутаркі, лекцыі з мясцовым насельніцтвам, дастаўлялі савецкую літаратуру і перыёдыку, распаўсюджвалі лістоўкі, падтрымлівалі сувязь з савецкай уладай.

      6. Школа на мяжы 20-21 ст.

І цяпер мы яшчэ раз звернемся да сучаснай гісторыі нашай школы, якая адлічвае свае старонкі жыцця з 1700 года. Яшчэ ў 1933 годзе школа стала сямігадовая, але навучанне вялося на польскай мове, у першыя пасляваенныя гады, а менавіта з 1944 па 1947 год школа была пачатковая, з 1947 па 1955 год – сямігадовая. Статус сярэдняй школа атрымала толькі ў 1955 годзе. Звярнуўшы ўвагу на фотаздымкі вы можаце пазнаёміцца з выглядам школы ў канцы ХХ ст. А ў 2000 годзе школа адзначала 300 гадовы юбілей. Школа атрымала віншаванні ад прадстаўнікоў мясцовай, абласной улады, а таксама ад Міністэрства адукацыі і  Старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень Баруны з’яўляюцца аграгарадком, ў школе зроблены капітальны рамонт, працуюць 25педагогаў, 22 чалавекі тэхперсанала, вучыцца 67 вучняў і 24 выхаванцы садка. Дырэктарам Барунскага вучэбна-педагагічнага комплекса з 15 красавіка 2021 года з’яўляецца Якубель Ірына Іванаўна.

     7. Першая сусветная вайна

Падзеі Першай сусветнай вайны не абмінулі барунскую зямлю. Участак фронта ў раёне Смаргонь – Крэва – Баруны быў адным з самых цяжкіх для ваюючых бакоў на ўсім руска-германскім фронце. Менавіта на гэтым участку ўсходняга фронта ўпершыню германская армія выкарыстала хімічную зброю. Гэта адбылося 2 ліпеня 1916 года ў 3 гадзіны 15 хвілін раніцы.  У выніку гэтай атакі атруціліся 40 афіцэраў і 2076 салдат, 5 афіцэраў і 429 салдат памерлі. Нават сёння ад Барун да Смаргоні захаваліся рэшткі абарончых збудаванняў. Раз-пораз у лясах натрапляеш на ДОТы, добра бачны абрысы лініі акопаў. З мэтай падняцця баявога духу салдат была стварана “Першая жаночая каманда смерці”, так званы “жаночы батальён смерці”, пад камандаваннем Марыі Бачкаровай, які налічваў каля 200 жанчын. 9 ліпеня 1916 года яны ўпершыню правялі бой пад Крэвам. Пасля Першай сусветнай вайны “жаночы батальён смерці” распусцілі, Сама Марыя Бачкарова ўключылася ў белы рух і па паручэнню адмірала Калчака сфарміравала жаночы санітарны батальён у 200 чалавек. Пасля таго, як Чырвоная Армія захапіла Омск, бальшавікі арыштавалі і прыгаварылі яе да растрэлу. У маі 1920 года Марыя Бачкарова была растраляна. Рускай Жанне д’Арк ішоў 31 год.

25 верасня 1916 года па заданню штаба фронту быў зроблены авіяналёт на штаб 89-й рэзервавай германскай дывізіі, а таксама на артылерыйскія склады і аэрадром у раёне мястэчка Баруны. Раніцай з аэрадрома каля вёскі Мясота падняліся 2 самалёты “Ілля Мурамец” і 13 малых апаратаў “Маран – Парсоль”. На сярэдзіне шляху “Ілля Мурамец” (М-16) паручніка Дз.Дз.Макшэева развярнуўся назад па прычыне непаладак з Крайнім правым рухавіком. Калі атрад выканаўшы заданне вяртаўся на аэрадром у небе з’явіліся нямецкія знішчальнікі.  У гэты час да цэлі набліжаўся самалёт паручніка Дз.Макшэева, які вырашыў самастойна правесці бамбардзіроўку. У небе завязаўся бой. “Ілля Мурамец” №16 быў атакаваны адначасова чатырма нямецкімі знішчальнікамі – двума “Альбатросамі С-ІІІ” і двума “Фокерамі”. У баі тры нямецкія аэрапланы былі збіты, але і рускі паветраны карабель быў сур’ёзна пашкоджаны. Самалёт разбіўся, а яго экіпаж – Дз.Макшэеў, М.А.Рахмін, Ф.Гаібаў, А.С.Карпаў – загінуў. Лётчыкаў пахавалі на так званых  нямецкіх могілках у Барунах. Усе лены экіпажа М-16 былі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі св. Георгія 4-й ступені.

8. Вялікая Айчынная вайна

Не абыйшлі бокам і падзеі Вялікай Айчыннай вайне. Гэта адначасова і радасная і сумная дата. На Беларусі няма ні адной сям’і, якую б не закранула гэтая страшная і жудасная вайна, якая забрала кожнага чацвёртага беларуса, пакінула калекаў і інвалідаў, пакінула маленькіх дзетак без бацькоў.

У Барунах за час вайны было спалена 30 дамоў. На вялікае шчасце кляштар і касцел засталіся. У памяці жыхароў Барун захаваліся падзеі 25 чэрвеня 1941 года. У гэты дзень Аўдзeеў Аляксандр Мікалаевіч са сваім таварышам Страленка Пятром Філіпавічам (абое лётчыкі 43-а бліжнебамбардзіровачнага авіяпалка) у раёне дарогі Ашмяны-Валожын накіравалі свой самалёт на нямецкую мотакалону.

         Але нарэшце прыйшоў доўгачаканы час вызвалення. Ашмянскі раён быў вызвалены вайскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай наступальнай аперацыі, праведзенай у перыяд з 5 па 20 ліпеня 1944 года, якая ў свайгу чаргу з’яўлялася часткай Беларускай аперацыі, вядомай пад кодавай назвай Баграціён (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 года).

         На зыходзе 6 ліпеня 1944 года нямецкія войскі ў паласе арміі  занялі для абароны загадзя ўмацаваны рубеж, пярэдні край якога праходзіў па лініі Жупраны – р.Ашмянка – Куцавічы – Баруны. Абарончыя збудаванні гэтага рубяжа не былі закончаны. Немцы мелі намер пабудаваць тут магутную ўмацаваную сістэму ў якасці асноўнага рубяжа на ўсходзе, таму рубеж і атрымаў назву “Остваль” (“Усходні край”). Рубеж да пачатку баявых дзеянняў быў заняты войскамі, якія правялі неабходныя ўдасканаленні ў абарончых збудаваннях і сістэме агню. Баі за рубеж пачала 11-я гвардзейская армія пад камандаваннем генерала-палкоўніка Галіцкага К.Н. 7 ліпеня 1944 года. Менавіта ў гэты дзень і былі вызвалены Баруны.

    9.Народная гаспадарка

Вось і наступілі першыя мірныя пасляваенныя гады. Гаспадарка раёна знаходзілася ў крытычным стане. У даваенны перыяд не да конца была праведзена праца па стварэнню калгасаў і саўгасаў. Не хапала працоўных рук. Кідаецца ў вочы, што асаблівай ахвоты ўступаць у калгасы сяляне раёна і не праяўлялі. Нельга не ўлічваць яшчэ адну акалічнасць – да пачатку 1950-х гадоў вялася жорсткая барацьба паміж прыхільнікамі савецкай улады і рэшткамі былой Арміі Краёвай, і актыўныя калгаснікі іншы раз станавіліся ахвярамі гэтай барацьбы. Вось, напрыклад, загінуў першы старшыня калгаса “17 Верасня” Юльян Антонавіч Пількоўскі. Але калгас быў створаны і згодна з прыказам ад 10 студзеня 1964 года саўгас “Баруны” быў выдзелены з саўгаса “Гальшанскі”. У 70-х гадах пачалося ўзбуйненне, гэта значыць аб’яднанне калгасаў. У 1978 годзе да саўгаса “Баруны” быў далучаны саўгас “Гінеўцы”, а ў 1987 годзе і саўгас “Гарэцкаўшчына”. На сённяшні дзень гэта эксперыментальная база па вырошчванні бульбы.

      Кіраўніцтва музеем ажыццяўляе кіраўнік музея сумесна з Саветам музея і пад кантролем дырэктара школы. Савет музея ўстановы адукацыі складаецца з кіраўніка музея і трох вучняў 11 класа. Члены Савета музея праводзяць работу па папулірызацыі музейнай справы, дапамагаюць падрыхтоўваць экскурсаводаў, займаюцца пошукавай работай, пробуюць свае сілы пры напісанні работ краязнаўчай тэматыкі.

На працягу некалькіх гадоў свайго існавання кіраўнікамі музея з’яўляліся: Розель Тэрэса Пятроўна, Казлоўская Леакадзія Уладзіславаўна, Альхоўка Святлана Юр’еўна, Варанецкі Дзмітрый Міхайлавіч, са жніўня 2010 года – Лугін Аляксандр Васільевіч, са жніўня 2013 года –Расоха Вікторыя Аляксандраўна, з 2014 года – Шаверда Валянціна Іванаўна, 2017 – Станулевіч Франц Вацлававіч, а з 2020 года – Барысевіч Марыя Іванаўна. Найбольшая колькасць наведвальнікаў у 2021 годзе – 305 чалавек.

За час існавання на базе школьнага музея праведзены выхаваўчыя мерапрыемствы: “Жанчына, маці, працаўніца”, “Беларускі ручнік”, “Афганістан…”, “Баруны – знакамітая мясціна”. Распрацавана абзорная экскурсія, а таксама некалькі  тэматычных экскурсій, такіх як “Барунская базыльянская школа і яе выхаванцы”, “Этнаграфія нашай мясцовасці”, “Народныя ўмельцы Барун”, “Афганцы барунскай зямлі”.

У школьным музеі працуе група экскурсаводаў, якая рэгулярна праводзіць экскурсіі. Усе наведвальнікі пакідаюць свае ўражанні пасля наведвання музея ў кнігі водгукаў і прапаноў. Усе гэтыя водгукі прасякнуты  цеплынёй і шчырасцю. Музей мае сваю віртуальную версію.

Музей працуе з усімі ўзроставымі катэгорыямі вучняў. Праводзяцца планавыя экскурсіі класаў у музей, арганізуюцца віртуальныя экскурсіі і тэматычныя выставы, інфармацыйныя стэнды. Савет музея займаецца арганізацыяй краязнаўчых экспедыцый па ваколіцах Барун. Сабраны ў такіх экспедыцыях матэрыял пасля яго аналіза і апрацоўкі паслужыў асновай для напісання навуковых работ, якія ўдастоіліся прызавых 3-га і 2-га месц на раённых навукова-практычных канферэнцыях. Вучні школы аказывалі дапамогу аддзелу ідэалогіі Ашмянскага райвыканкама па пошуку імён загінуўшых і пахаваных салдат часоў Першай сусветнай вайны на вайсковых могілках у вёсцы Баруны.

         На працягу работы музея даследваліся наступныя тэмы: “Баруны: па слядах Першай сусветнай вайны”,“Баруны: вядомае і невядомае” “ Паўвека ў жыцці Барун”, “Аб чым раскажа карта”, “Страты, нанесеныя Ашмяншчыне ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі”.

         Гэтыя і іншыя даследаванні гісторыі нашай мясцовасці не магчыма не выкарыстаўваць для працы музея, стварэння і афармлення экспазіцый і выстаў, уключэнне гэтых матэрыялаў для экскурсійнай работы.

Праца па даследаванню мінулага нашай мясцовасці працягваецца і ў будучым мы зможам адчыніць новыя факты і падзеі, якія дапоўняць і без таго цікавыя і слаўныя старонкі гісторыі нашага краю.