У канцы ХІІ – першай палове ХІІІ ст. на скрыжаванні шляхоў, адзін з якіх ідзе са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні ў напрамку Мінска, Смаленска і Масквы, а другі злучае гарады-крэпасці Нясвіж, Мір, Навагрудак, Ліду, Гальшаны і Крэва, узнікла паселішча Баруны.
Назва Баруны, па меркаваннях Пятра Бітэля, наводзіць на думку, што пасяленне было закладзена ў лясной глушы, бо вядома, што ў той час большасць тэрыторыі нашага краю знаходзілася пад лясным покрывам. Ёсць думка, што вёска была закладзена на ўзбярэжжы баравога лесу і таму атрымала назву Баруны.
Паводле ж даследавання Васіля Грыня, назва Баруны мае цюркскае паходжанне. У перакладзе з цюркскіх моў “барун” азначае “вершнік”. У Вялікім Княстве Літаўскім быў таксама шляхецкі род татарскага пахаджання Барунскія. Больш таго, вядома, што наваколлі Крэва і Барун гістарычна з’яўляюцца рэгіёнамі татарскіх асадаў з часоў Вітаўта. Недалёка ёсць вёска Ардашы, назва якой мае цюркскае паходжанне, а ў самім Крэва нават дагэтуль жывуць патомкі татар і вызнаюць іслам.
На сучасным этапе развіцця гістарычнай навукі вувучэннем уніяцкай царквы на Беларусі займаецца доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святлана Валянцінаўна Марозава.
У яе працы мы знаходзім звесткі, што ў ХVII — першай трэці ХІХ ст. мястэчка Баруны было адным з цэнтраў уніяцтва на Беларусі. У канцы ХVІ ці першай палове ХVІІ ст. тут узводзілася невялікая драўляная царква, аднак, яшчэ незавершаная, згарэла. У 1692 г. прыхільны уніі Мікалай Песляк заклаў тут уніяцкую царкву і прызначыў да яе 7 манахаў-базыльян, якім аддаў ва ўтрыманне мястэчка Баруны з жыхарамі, будынкамі, зямельнымі участкамі.
Базыльяне, якім у 1702 г. са згоды ўрада Баруны з усімі жыхарамі і ўгоддзямі былі перададзены ва ўласнасць, прывезлі з сабой ікону Маці Божай, якая лічылася цудадзейнай.
Цудадзейны абраз забяспечыў багатыя ахвяраванні, і ў хуткім часе (1700-1707 г.) на месцы драўлянай была ўзведзена і забяспечана ўсім неабходным мураваная царква. Але ў 1707 г. мястэчка амаль цалкам знішчыў вялікі пажар. Згарэў драўляны будынак манастыра, а ад царквы засталіся толькі сцены. Царкву адбудаваў у 1715 г. уніяцкі мітрапаліт Леў Кішка. У 1747-1757 г. быў пабудаваны сённяшні будынак барунскага касцёла паводле праекта манаха Барунскага манастыра архітэктара Аляксея Асікевіча (дабудавана ў 1760-1770 гг.). У 1778-1793 г. пабудавалі двухпавярховы мураваны манастырскі корпус. Манастыр валодаў тады больш за 300 дзесяцін зямлі, не лічачы выпасаў, лугоў, лесу. Усе жыхары мястэчка былі манастырскімі прыгоннымі.
Да канца ХVIII ст. Барунскі базыльянскі манастыр быў адным з буйнейшых кнігапісных цэнтраў Беларусі. Калі друкарні выпускалі кнігі масавага попыту шматтысячнымі накладамі, то скрыпторыі выраблялі асабліва шыкоўныя заказныя або адсутныя на рынку «дэфіцытныя» кнігі. Вядомы імёны шэрагу барунскіх кнігапісцаў ХVІІІ ст.: Паісій Сахоўскі з Барун, Антон Завадскі.
Шырокую вядомасць набылі ў свой час Баруны як значны адукацыйны асяродак.
Да нашага часу дайшлі звесткі, што каля 1617 года ў Полацку, Жыровіцах і ў Барунах была адчынена базыльянамі пачатковая школа для манахаў і святароў.
Гэта была тыповая базыльянская навучальная ўстанова. Паводле звестак Пятра Бітэля, спачатку гэта была 3-гадовая установа свецкага напрамку, у 1700 г. пераведзеная сюды разам з маёмасцю і настаўнікамі з мястэчка Вішнева (Ашмянскі павет). У 1740 г. па патрабаванню клерыкалаў яна змяніла сваю праграму і стала рыхтаваць кандыдатаў у духоўнае званне. У 1780 г. зноў стала свецкай і пераўтварылася ў 6-гадовую школу з прэфектам на чале і існавала да 1833 г.
Гэта навучальная установа закрытага тыпу, дзе спачатку ў школе выкладалі выключна вучоныя манахі, аднак у ХІХ ст. з’яўляюцца і свецкія выкладчыкі. Навучанне першапачаткова вялося на польскай мове. Педагагічны калектыў складаўся з шасці прафесараў (выкладчыкаў): лацінскай мовы, арыфметыкі, красамоўства, гісторыі, фізікі і матэматыкі, якія штодня па чарзе выкладаліся свае прадметы ва ўсіх класах. Сярод школьных настаўнікаў вядомы базыльяне Ф.Бялдоўскі, М.Лебель, Б.Ляўковіч, Г.Лебель, Б.Гамалінскі, С.Катовіч, С.Ушацкі. Пры школе быў манах, які валодаў лекарскім майстэрствам, і патрэбны набор лекаў.
Вучылі тут таксама геаграфіі, батаніцы, праву, эканоміцы, гісторыі святога пісання, сельскай гаспадарцы, французскай, нямецкай, а з 1800 г. — расійскай мове. Візітатар Барунскай школы ў 1804 г. раіў яе настаўнікам больш часу адводзіць грунтоўнаму вывучэнню польскай і лацінскай моў.
У пачатку ХІХ ст. Баруны ўяўлялі сабой звычайную вёску, жыхары якой займаліся сельскагаспадарчай працай. Мястэчкам яна звалася таму, што мела прыгожую мураваную уніяцкую царкву і двухпавярховы базыльянскі манастыр. Царква і манастыр, разам з рынкавай плошчай, на якой стаяла так званая студэнцкая капліца, утваралі цэнтр мястэчка. Ад яго ў розныя бакі адыходзілі тры вуліцы (у тым ліку Мінская і Віленская) з выбоінамі і каляінамі, забалочаныя пасля дажджу. Вуліцы былі забудаваны 25-30 простымі драўлянымі дамамі, сярод якіх былі школа, 4 карчмы. Пратакол генеральнай візіты Барунскай школы, праведзенай у 1804 годзе, зафіксаваў, што школьны будынак уяўляў сабой асобны дом з памяшканнямі для правядзення ўрокаў. У ім была бібліятэка, якая складалася з 285 кніг, меліся матэматычныя інструменты для практыкі.
У розныя часы ў школе займаліся ад 140 да 200 юнакоў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў, найперш сыноў шляхты з з Ашмянскага і суседніх паветаў. У 1783 г. школа мела 180 вучняў, у 1803 г. — 150, у 1804 г. — 140, у другім дзесяцігоддзі XIX ст. — каля 200. Найбольш здольныя да навукі выпускнікі працягвалі вучобу ў Віленскім універсітэце. Раз у год візітатар, назначаны саветам гэтага ўніверсітэта, інспеціраваў школу.
У XIX ст. школа праславілася сваімі выхаванцамі, якія пакінулі след у навуцы, культуры, грамадска-палітычным жыцці Беларусі, Літвы і Польшчы.
На чале школы стаяў прэфект, які быў, па словах Адынца, «калі не дыктатарам, то па меншай меры консулам гэтай студэнцкай Рэчы Паспалітай». Усім манастыром кіраваў суперыёр. Ён займаўся, галоўным чынам, царкоўнымі і маянтковымі справамі і непасрэдна ў студэнцкія справы не ўмешваўся Два першыя класы зваліся ніжэйшымі. Іx вучні пагардліва зваліся мінімусамі і не смелі ўздыхаць аб роўнасці, якая панавала сярод вучняў чатырох наступных — вышэйшых класаў. У гэтым вясковым, малым, ціхім закутку, як піша Антон Адынец, аднак жа верна адбіўся, як сонца ў кроплі, характар і звычаі «літоўскіх» школ і студэнцкага жыцця ў ix моладзі.
Вучні жылі ў дамах мяшчан вакол рынку. Ім звычайна адводзіліся два пакоі, у якіх жыло столькі чалавек, колькі ложкаў можна было паставіць уздоўж сцяны. Да жыхароў абодвух пакояў або кожнага паасобку быў прыстаўлены гувернёр — звычайна выпускнік гэтай жа школы, званы пенсіянерам. Гувернёры складалі школьны патрыцыят, які непасрэдна сутыкаўся ca школьнымі ўладамі — прэфектам i прафесарамі.
Прафесары, не маючы часу штодня правяраць урокі ў кожнага вучня, выбіралі для гэтага абавязку найбольш здольных i старанных вучняў — аўдытараў, якія павінны былі рэгулярна напярэдадні заняткаў выслухаць давераных яму калегаў (найбольш-6 чалавек) i паведаміць сваю думку аб ix ведах прафесару. Адказы ацэньваліся па шасці ўзроўнях у спецыяльным спісе — «эраце»: «умее», «сумняваецца», «памыляўся ў адказах», «умее не добра», «не дэкламаваў», «не ўмее». На уроках прафесары правяралі справядлівасць выстаўленых адзнак, апытваючы тых ці іншых вучняў. Бяда тады аўдытарам, якія робячы камусьці паблажкі або з-за ўласнай ляноты складалі фальшывыя сведчанні.
Самым высокім саноўнікам у класе быў імператар. На гэту пасаду па чарзе прызначаліся самыя лепшыя вучні. 3 7.30 да 8 гадзін раніцы імператар сядзеў за прафесарскім сталом i ўпісваў у эрату думкі аўдытараў аб іншых i сваю — аб аўдытарах. Утрыманне i запаўненне гэтага спіса было галоўным атрыбутам улады імператара Такая годнасць забяспечвала яму павагу вучняў i прывілеі — ён ніколі ўжо не меў над сабой аўдытара. Гэты парадак меў месца ў першых трох класах, у наступных разлічвалі ўжо на сталы розум i стараннасць саміх вучняў.
Вось у такіх умовах i ў такіх іерархічных стасунках з году ў год у Барунах развівалася каля двух соцень юнакоў. У ix ліку ў першай чвэрці XIX ст. аказаўся Ігнат Ходзька (1794-1861) — ураджэнец вёскі Заблошчына Вілейскага павета Віленскага ваяводства, які потым скончыў са ступенню кандыдата філасофіі Віленскі універсітэт, з’яўляўся членам таварыства шубраўцаў i масонскай ложы ў Мінску, стаў вядомым пісьменнікам, найперш як аўтар шматтомных твораў «Літоўскія малюнкі» і «Літоўскія паданні», створаных пераважна на беларускім матэрыяле. Уладзіслаў Сыракомля прысвяціў яму нарыс «Жыццё і творы Ігната Ходзькі».
Выхаванец Барунскай школы Леанард Ходзька (1800-1871), выхадзец з вёскі Аборкі Ашмянскага павета Віленскай губерні, у далейшым — студэнт Віленскага універсітэта, член таварыства філарэтаў, сакратар М. К. Агінскага, актыўны дзеяч эміграцыі ў Парыжы (з 1826 г.), гісторык, публіцыст, збіральнік i выдавец матэрыялаў па гісторыі Беларусі i Польшчы, член многіх навуковых таварыстваў.
Антон Эдвард Адынец (1804-1885) — таксама ураджэнец Ашмянскага павета, які стаў знакамітым паэтам, перакладчыкам, публіцыстам, мемуарыстам, сябрам Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ігната Дамейкі; філарэтам, адбываўшым у 1823-1824 г. заключэнне, рэдактарам «Віленскага весніка» у 1841-1859 г.
Барунскі выхаванец Юльян Корсак (1806-1855) са Слонімскага павета — паэт, перакладчык на польскую мову Гарацыя, Шылера, Байрана, Шэкспіра i іншых класікаў сусветнай літаратуры, прыяцель юнацтва I. Ходзькі, сябар А. Міцкевіча. Усе яны -ураджэнцы нашага краю, выхадцы са шляхты, дзеячы беларускай польскамоўнай культуры. Усе ў 1800-я -1810-я гг. пачыналі ўзыходжанне на вяршыні еўрапейскай навукі i культуры ў Барунскай базыльянскай школе. Іx усіх перажыў Антон Адынец, адзін з апошніх засталых у жывых філарэтаў. 60 год яго цяжкай творчай працы склалі цэлую эпоху ў жыцці некалькіх пакаленняў, якія вучыліся жыць i кахаць па творах Адынца.
Паводле Iгната Ходзькі, жыццё ў Барунах у цэлым не было надта вясёлым: жыццё ў аддаленні ад родных, сум, нудная i прымусовая праца, безагаворачная паслухмянасць, кара, часта незаслужаная, — усе гэта давала дзецям пакаштаваць першыя горычы самастойнага жыцця. Канікулы, праведзеныя дома, успрымаліся выхаванцамі як рай. Зусім розныя, супрацьлеглыя пачуцці i ўспаміны пакідалі ў студэнтаў царква i школа. Яны былі як неба i зямля, як рай i пекла. Калі дзеці ў царкве, успамінае пісьменнік, школа закрытая i чакае, каб ix зноў прыгнятаць. «У царкве гімны і песні, паўтараемыя гучным хорам, мілыя сэрцу i вуху студэнта, … ў школе штодзённы плач i архіплач кожную суботу».
У студэнцкай капліцы, паводле мемуараў Iгната Ходзькі, захоўвалася школьная харугва. На ёй з аднаго боку была выява школьнай заступніцы Маці Божай, вышытая на белым атласе, на другім баку — каласісты сноп збожжа — эмблема плёну навукі, якую вучні растлумачвалі па-свойму: «Вучыся, асёл, добра — будзеш мець хлеб».
Найлепшыя ўспаміны пісьменніка пакінуў «ксёндз фізік». Паводле даных Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Пецярбургу, прафесарам фізікі «во всенародном Борунском училище» у 1804-1811 г. быў Юльян Іванавіч Спірыдовіч, выхадзец з беларускай шляхты.
Будучы ў IV класе, А.Адынец ездзіў у Вільню, дзе разам са сваімі сябрамі, тады ўжо студэнтамі універсітэта Фрэйентам і Людвікам Шпіцнагелем, сынам вядомага прафесара медыцыны-уладальніка вёскі Загор’е ля Барун, удзельнічаў у студэнцкай маёўцы. Тады і адбылося знаёмства з Тамашам Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейкам ды іншымі філаматамі. Па просьбе Чачота Антон дэкламаваў на маёўцы вершы. Калі ж закончыў, Т. Зан пацалаваў яго. «Гэта было для мяне нібы першае памазанне,» — піша Адынец. На наступны год на гэткай жа самай маёўцы яго пазнаёмілі з Адамам Міцкевічам. 3 усіх гэтых знаёмстваў потым на дзесяцігоддзі вырасла шчырае ўзаемнае сяброўства.
Самай страшнай з’явай і прывідам для вучняў усіх павятовых школ быў візітатар, які штогод па даручэнню Рады Віленскага універсітэта аб’язджаў школы, аглядаў, экзаменаваў, а потым даваў справаздачу пра вынікі інспекцыі на пасяджэнні гэтага ж Савета. Савет прызначаў у візітатары прафесараў універсітэта, найбольш знакамітых i «светлых» абывацеляў (напрыклад, Адама Храптовіча, Яна Ходзьку) ці правінцыялаў базыльянскага ордэну. Візітатар для студэнтаў увасабляўся ў святло і жах каметы, час прышэсця якой клапатліва вылічваўся, а самое з’яўленне віталася з перапудам. Ды й самі прафесары не без пэўнай боязі чакалі, якую ж думку аб ix школе прадставіць універсітэту візітатар. У час адной з такіх інспекцый адбылося знаёмства Адынца з візітатарскім сакратаром, паэтам-сатырыкам Ігнатам Легатовічам, а потым і з самім візітатарам — паэтам, ксяндзом, прафесарам кананічнага права і дэканам юрыдычнага факультэта Віленскага універсітэта Янам Канты Хаданіем.
Вучэбны год, як і ва ўсіх школах, штогод завяршаўся публічным экзаменам. Ён адбываўся ў дзень святога Пятра і Паўла, 29 чэрвеня, ужо не ў класе, а ў царкве. Так было i ў 1820 г., калі заканчваў школу А.Адынец.
Царкву запоўніла публіка: бацькі, бліжэйшыя суседзі, павятовыя чыноўнікі
Мала было тады школ, як адзначаў А.Адынец, якія б славіліся такой колькасцю выпускнікоў, што буйнымі літарамі ўпісалі свае імёны ў гісторыю ХІХ ст., як Барунская. Адны з іх занялі высокія пасады ў органах дзяржаўнай улады, мясцовага кіравання ў сваіх паветах i губернях (напрыклад, губернатар Плоцка, а потым Любліна Станіслаў Мацкевіч), у царкоўнай іерархіі. Імёны некаторых настаўнікаў i выпускнікоў гэтай школы ўзышлі на навуковым гарызонце: Антоні Вырвіч — прафесар матэматыкі Віленскага універсітэта; Вінцэнт Карчэўскі — ад’юнкт прафесара астраноміі ў гэтай жа навучальнай установе, Антон Камінскі — аўтар прац па асновам геаграфіі і матэматыкі. Свой след у еўрапейскай літаратуры пакінулі Леанард i Ігнат Ходзькі, Антон Эдвард Адынец, Юльян Корсак. Менавіта выпускнікі ордэнскіх школ накшталт Барунскай, як піша А.Адынец, прыўносілі ў Віленскі універсітэт той чысты ўзнёслы эстэтычны кірунак i душэўны настрой, які там развіваўся i з якога расцвітала наступная паэзія.
Імператарскім загадам 1828 г. базыльянскія свецкія вучылішчы былі прыгавораны да паступовага знішчэння. На працягу 1828-1836 г. закрываюцца для моладзі, якая жадала прысвяціць сябе свецкай кар’еры, Жыровіцкая, Талачынская, Барунская, Вярбілаўская, Беразвецкая, Ляданская і інш. школы разам з самімі манастырамі. Базыльянская сістэма свецкай адукацыі была разбурана. Педагагічная дзейнасць ордэна ўжо не магла служыць алібі пасля паўстання 1830-1831 г., якое перакрэсліла гэты пазітыўны аспект яго існавання .
У 1831 г. была прынята пастанова аб скасаванні базыльянскай свецкай школы ў Барунах i стварэнні замест яе духоўнай школы, абавязанай даваць выхаванне 20 сіротам або дзецям беднага духавенства. Паводле іншых звестак, свецкую школу закрылі ў 1835 г.. У 1833 г. Барунскі манастыр і царква былі перададзены ў праваслаўнае ведамства, а пазней (ў 70-80-я г. ХІХ ст.) і зусім перастаў існаваць самастойна — стаў аддзяленнем Віленскага Свята-Духава манастыра. Духоўная школа працавала ў ім да 1845 г. Перад скасаваннем у 1833 г. базыльянскага манастыра абраз Маці Божай Барунскай быў аддадзены Важынскім. Вярнуўся ён у храм амаль праз стагоддзе, у 1922 г. Дарэчы, пра цудадзейны барунскі абраз успамінаў Адам Міцкевіч — у сваіх творах «Анэля» і «Начлег».
У 1833 годзе замест школы было адкрыта прыходскае духоўнае вучылішча з 2-х гадовым курсам навучання, затым яно становіцца народным вучылішчам з трыма класамі. З 1884 года пераведзена ў статус царкоўна-прыходскай школы.
У 1919 годзе вядомы беларускі дзеяч і асветнік Сымон Рак-Міхайлоўскі распачаў актыўную работу па адкрыццю беларускай настаўніцкай семінарыі ў нашым мястэчку. Стварэнне такой семінарыі было не выпадковым. Па-першае: у гэты час у Барунах існаваўбеларускі дзіцячы прытулак для сірот вайны, па-другое: Баруны знаходзіліся ў выгадным геаграфічным становішчы.
Беларуская настаўніцкая семінарыя размясцілася ў двухпавярховым мураваным манастырскім будынку, які быў пабудаваны ў 1808 годзе. Семінарыя пачала працаваць у 1920 годзе. Першы набор вучняў склаў 60 чалавек, былі адчынены першыя два класы, увесь курс навукі быў разлічаны на 4 гады. Дырэктарам семінарыі быў настаўнік матэматыкі Сымон Рак-Міхайлоўскі.
Здавалася справа навучання беларускіх дзяцей роднай мове была наладжана, і заставалася чакаць добрых вынікаў, але…
Пасля Рыжскага трактату 1921 года на заходніх землях беларусі распачалася мэтанакіраваная палітыка паланізацыі. У такіх умовах беларуская семінарыя існаваць не магла і 15 чэрвеня 1921 года па загаду дырэктара Дэпартаменту Асветы настаўніцкая семінарыя была зачынена, а затым у гэтых мурах пачала дзейнічаць польская настаўніцкая семінарыя, нягледзячы на шматлікія просьбы і пратэсты жыхароў Барун.
Такім чынам, семінарыя была ліквідавана не зрабіўшы ні аднаго выпуску. Калі вучні даведаліся пра гэта, то сваімі сіламі паставілі “Паўлінку” Янкі Купалы. Сам дырэктар семінарыі Сымон Рак-Міхайлоўскі пакінуў Баруны ў 1922 годзе, пасля таго, як цалкам былі страчаны надзеі працягваць вучобу ў базыльянскіх мурах.
Нягледзячы на такі кароткі і складаны лёс, беларуская настаўніцкая семінарыя ў нашым мястэчку яскрава паказала, што на нашай зямлі ёсць і будуць беларусы,якія імкнуцца да навукі і будуць абараняць сваё роднае і дарагое – мову.
Выпускнік Барунскай польскай настаўніцкай семінарыі Пятро Іванавіч Бітэль. На час вучобы бацькі ўладкавалі Пятра жыць да сваіх сваякоў на хутар за паўтара кіламетра да мястэчка. Вось як успамінае гады жыцця і вучобы: “Жыў я там у жудасных умовах — маленькая ў два акенцы хаціна пасярод чыстага поля, без сяней і без падлогі; апроч мяне пяць чалавек сям’і (трое дарослых і двое дзяцей 4 і 6 гадоў) пераносілі тут холад і нястачы. У хаце пад печчу зімавалі куры, за печчу на катуху з бульбай раскладваў я на ноч свой тонкі сяннічок; займацца зададзенымі ўрокамі было немагчыма — у гаспадароў не было лямпы, вечарам гарэў куравы начнічок або лучына. Тут, як ніколі дагэтуль, я пазнаў і сцюжу, і недаяданне і нарэшце апаршывеў струпамі каросты і быў адпраўлены дамоў на некалькі тыдняў на лячэнне. Вярнуўшыся, мусіў даганяць прапушчанае, дык з мізэрнымі адзнакамі закончыў той курс падрыхтоўчы, які па праграме прыраўноўваўся да сёмага класа звычайнай школы. З кандыдата перавялі мяне ў гурт паўнапраўных семінарыстаў, на першы курс. Трэба зазначыць, што ў першы год маёй барунскай вучобы (1925/26 навучальны год) маімі настаўнікамі былі апроч іншых Тамаш і Марыя Багушэвічы — сын і нясестка класіка нашай літаратуры Францішка Багушэвіча. Ён вёў урокі ручной працы і малявання, яна выкладала польскую мову і літаратуру. Дзякуючы ёй я прыахвоціўся да добрых кніжак і пачаў рабіць нясмелыя спробы ўласнага пяра, вядома, па-польску.
Беларуская мова выкладалася ў нас як прадмет, аднак адносіны да яе былі даволі абыякавыя. У Барунах выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры быў настаўнік Дамарадскі.
З пачаткам новага 1926/27 навучальнага года мяне прынялі ў інтарнат, але плаціць па 40 злотых у месяц я не мог, дык атрымаў толькі кватэру, а харчавацца прыходзілася сухім пайком, як тады ў нас называлася, «з куфэрка» (прывезенай з дому скваркай і хлебам). Часам удавалася з’есці міску супу, пакінутага сябрамі ў інтарнацкай сталовай. Стыпендыю атрымаў толькі на другім курсе, і захавалася яна за мной і праз трэці курс.
Барунская семінарыя далей трэцяга курса не развілася, на апошнія два курсы накіроўвалі нас у Віленскую настаўніцкую семінарыю імя Томаша Зана”.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Польшы пасля 1921 года на тэрыторыі Ашмяншчыны быў арганізаваны рэвалюцыйны рух супраць новай улады. Актыўнымі дзеячамі нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі Беларусі былі: камсамолец Счастны Уладзімір Давыдавіч, член Камітэта КПЗБ Арэхва Мікалай Сямёнавіч, відавочнік і ўдзельнік рэвалюцыйных падзей Голяс Міхаіл Вікенцьевіч. Менавіта Гэтыя людзі рызыкуючы сваім жыццём праводзілі гутаркі, лекцыі з мясцовым насельніцтвам, дастаўлялі савецкую літаратуру і перыёдыку, распаўсюджвалі лістоўкі, падтрымлівалі сувязь з савецкай уладай.
І цяпер мы яшчэ раз звернемся да сучаснай гісторыі нашай школы, якая адлічвае свае старонкі жыцця з 1617 года.
Яшчэ ў 1933 годзе школа стала сямігадовая, але навучанне вялося на польскай мове.
У першыя пасляваенныя гады, а менавіта з 1944 па 1947 год школа была пачатковая, з 1947 па 1955 год – сямігадовая.
Статус сярэдняй школа атрымала толькі ў 1955 годзе.
Падзеі Першай сусветнай вайны не абмінулі барунскую зямлю. Участак фронта ў раёне Смаргонь – Крэва – Баруны быў адным з самых цяжкіх для ваюючых бакоў на ўсім руска-германскім фронце..
25 верасня 1916 года па заданню штаба фронту быў зроблены авіяналёт на штаб 89-й рэзервавай германскай дывізіі, а таксама на артылерыйскія склады і аэрадром у раёне мястэчка Баруны. Раніцай з аэрадрома каля вёскі Мясота падняліся 2 самалёты “Ілля Мурамец” і 13 малых апаратаў “Маран – Парсоль”. На сярэдзіне шляху “Ілля Мурамец” (М-16) паручніка Дз.Дз.Макшэева развярнуўся назад па прычыне непаладак з Крайнім правым рухавіком. Калі атрад выканаўшы заданне вяртаўся на аэрадром у небе з’явіліся нямецкія знішчальнікі. У гэты час да цэлі набліжаўся самалёт паручніка Дз.Макшэева, які вырашыў самастойна правесці бамбардзіроўку. У небе завязаўся бой. “Ілля Мурамец” №16 быў атакаваны адначасова чатырма нямецкімі знішчальнікамі – двума “Альбатросамі С-ІІІ” і двума “Фокерамі”. У баі тры нямецкія аэрапланы былі збіты, але і рускі паветраны карабель быў сур’ёзна пашкоджаны. Самалёт разбіўся, а яго экіпаж – Дз.Макшэеў, М.А.Рахмін, Ф.Гаібаў, А.С.Карпаў – загінуў. Лётчыкаў пахавалі на так званых нямецкіх могілках у Барунах. Усе лены экіпажа М-16 былі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі св. Георгія 4-й ступені.
У гэтым годзе наша краіна святкуе 75 годдзе Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта адначасова і радасная і сумная дата. У Барунах за час вайны было спалена 30 дамоў. На вялікае шчасце, кляштар і касцел засталіся. У памяці жыхароў Барун захаваліся падзеі 25 чэрвеня 1941 года. У гэты дзень Аўдзеў Аляксандр Мікалаевіч са сваім таварышам Страленка Пятром Філіпавічам (абодва лётчыкі 43-а бліжнебамбардзіровачнага авіяпалка) у раёне дарогі Ашмяны-Валожын накіравалі свой самалёт на нямецкую мотакалону.
Але нарэшце прыйшоў доўгачаканы час вызвалення. Ашмянскі раён быў вызвалены вайскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай наступальнай аперацыі, праведзенай у перыяд з 5 па 20 ліпеня 1944 года, якая ў свайгу чаргу з’яўлялася часткай Беларускай аперацыі, вядомай пад кодавай назвай Баграціён (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 года).
На зыходзе 6 ліпеня 1944 года нямецкія войскі ў паласе арміі занялі для абароны загадзя ўмацаваны рубеж, пярэдні край якога праходзіў па лініі Жупраны – р.Ашмянка – Куцавічы – Баруны. Абарончыя збудаванні гэтага рубяжа не былі закончаны. Немцы мелі намер пабудаваць тут магутную ўмацаваную сістэму ў якасці асноўнага рубяжа на ўсходзе, таму рубеж і атрымаў назву “Остваль” (“Усходні край”). Рубеж да пачатку баявых дзеянняў быў заняты войскамі, якія правялі неабходныя ўдасканаленні ў абарончых збудаваннях і сістэме агню. Баі за рубеж пачала 11-я гвардзейская армія пад камандаваннем генерала-палкоўніка Галіцкага К.Н. 7 ліпеня 1944 года. Менавіта ў гэты дзень і былі вызвалены Баруны.
Вось і наступілі першыя мірныя пасляваенныя гады. Гаспадарка раёна знаходзілася ў крытычным стане. У даваенны перыяд не да конца была праведзена праца па стварэнню калгасаў і саўгасаў. Не хапала працоўных рук. Кідаецца ў вочы, што асаблівай ахвоты ўступаць у калгасы сяляне раёна і не праяўлялі. Нельга не ўлічваць яшчэ адну акалічнасць – да пачатку 1950-х гадоў вялася жорсткая барацьба паміж прыхільнікамі савецкай улады і рэшткамі былой Арміі Краёвай, і актыўныя калгаснікі іншы раз станавіліся ахвярамі гэтай барацьбы. Вось, напрыклад, загінуў першы старшыня калгаса “17 Верасня” Юльян Антонавіч Пількоўскі. Але калгас быў створаны і згодна з загадам ад 10 студзеня 1964 года саўгас “Баруны” быў выдзелены з саўгаса “Гальшанскі”. У 70-х гадах пачалося ўзбуйненне, гэта значыць аб’яднанне калгасаў. У 1978 годзе да саўгаса “Баруны” быў далучаны саўгас “Гінеўцы”, а ў 1987 годзе і саўгас “Гарэцкаўшчына”. На сённяшні дзень гэта эксперыментальная база па вырошчванні бульбы.
Вугалок ткачыхі
.
З сівой даўніны і на працягу доўгіх стагоддзяў ткацкі станок надзейна служыў людзям. З пакалення ў пакалення перадаваліся таямніцы ткацкага майстэрства, і ўрэшце нялёгкая праца ператварылася ў высокае мастацтва. Сведчанне таму – створаныя пад сялянскімі стэхамі і ўпрыгожаныя спрадвечнымі ўзорамі-замовамі абрусы, дываны, ручнікі. А асноўным матэрыялам для беларускай ткачыхі з’яўляўся лён.
Лён шмат даваў жыхару Беларусі, але ж колькі турбот і працы патрабавалася, каб ільняная нітка лягла ў адзенне ці прыгожы ручнік. Калі сеялі лён, трэба было не толькі добра ўзараць і забаранаваць поле, але яшчэ ўручную разбіць камы, зберагчы поле ад птушак, пустазелля і шкоднікаў. Калі ж лён адцвітаў, трэба было «браць». Бралі лён у жніўні, баяліся, каб не перастаяў.
Ткацтва з’явілася яшчэ ў эпоху неаліту. Для яго выкарыстоўваліся шэрсць, лён, каноплі, крапіва. Адбеленае палатно ў летапісах згадваецца нароўні з каштоўным шоўкам і сукном.
Апрацоўка ільну прадугледжвала працэс аддзялення галовак ад сцяблін. Вядомыя два спосабы: абіванне і абрыванне. У беларусаў найбольш распаўсюджана – абіванне. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі дравяны валік (“пральнік”, “пранік”) – драўляны прамавугольны брусок, даўжынёй 25 – 30 см. Пры абрыванні выкарыстоўваліся нажы. Яны нагадвалі цяпку з зубамі.
Наступны этап – атрыманне валакніны. Спачатку ільняную саломку змягчалі. Сцялілі лён на роўнай паверхні, і ён змягчаўся пад уплывам расы, дажджу і сонца. Вылягаць лён мог ад 3 да 6 тыдняў, у залежнасці ад надвор’я. Часта лён мачылі ў вадаёмах. Падняты лён вязалі ў снапы.
Пасля прасушкі лён мялі. ужо ў X–XIV стст. славянскія народы для апрацоўкі валакна выкарыстоўвалі льнамялкі. Яны маглі быць як ручнымі так і нажнымі, у нашым выпадку гэта ручная
Пасля валакно трапалі, выкарыстоўваючы дзеля гэтага трапло – тонкую дошку, 40–45 см даўжынёй і 6–8 см шырынёй і трапалку. А пасля валакніну шкраблі драўлянымі ці жалезнымі грабянямі. Валакніна, якая атрымлівалася, звалася кужаль. Яго скручвалі або запляталі ў косы, і гэтак захоўвалі да прадзення.
Прадзенне займала адно з важных месцаў у гаспадарцы. Выраб нітак займаў 75% агульнай вытворчасці. Пралі у асноўным на ручным верацяне.
Пралі ў асноўным жанчыны. Жанчына трыма пальцамі левай рукі выцягвала валокны з кудзелі, а трыма пальцамі правай рукі круціла верацяно. Калі нітка дасягала даўжыні выцягнутай рукі, яна наматвала нітку на пальцы левай рукі, а потым навявала яе на верацяно і на верхняй, завостранай, частцы замацоўвала пятлёй.
З маленства дзяўчаты навучаліся розным відам рукадзелля, у тым ліку прадзенню, бо інакш нельга было выйсці замуж. Існавала прымаўка: «Не пралля — не жонка». Таму гадоў ужо з 5- 7 іх прывучалі да прадзення. Да 10 — 12 гадоў яны плялі, у асноўным, шарсцяныя паясы да свайго вяселля. Прасці пачыналі пасля заканчэння ўсіх уборачных работ, з глыбокай восені, калі наступала сумная пара года з кароткімі днямі і доўгімі начамі. Жанчыны займаліся прадзеннем ва ўсе дні тыдня, за выключэннем свят і нядзелі. Нярэдка для прадзення кудзелі замуж- нія жанчыны і дзяўчаты збіраліся ў адну, звычайна найбольш прасторную хату. Пад час вячорак расказвалі казкі, жартавалі, пелі песні.
Пражу змотвалі ў маткі на самаробных драўляных прыстасаваннях — матавілах, якія ў нашых мясцінах называліся крыжы. Потым з маткоў ніткі змотвалі рукамі ў клубкі.
У XX ст. у сялянскім побыце распаўсюджаны быў калаўрот (“самапрадка”). Прасніца для калаўрота выглядае, як невялікая лапатачка, яна ўстаўляецца ў спецыяльную адтуліну ў самапрадцы. Самапрадка складаецца з кола, педалі, прадзільнага апарата. За зіму трэба было на вялікую сям’ю выткаць да 150 метраў тканіны.
Ніткі мылі і фарбавалі. У другой палове XIX ст. выкарыстоўвалі часцей за ўсё фарбы, якія атрымоўвалі з раслін. Нашы старэйшыя зямлячкі ўспамінаюць, што рабілі для афарбоўкі льняной пражы адвар з кары дуба, ясеня, крушыны і інш. Пазней фарбы купляліся ў крамах ці ў вандруючых гандляроў.
Выраблялася тканіна на кроснах. Яшчэ ў эпоху неаліту выкарыстоўвалі спецыяльныя дошчачкі – невялікія квадраты (10 – 15 см.) з дзірачкамі па чатырох кутах. Праз іх прапускаліся ніткі асновы. Дошчачкі круцілі па крузе злева направа, і ў аснове атрымліваўся зеў, куды прапускалася ўточная нітка.
Выкарыстоўвалі берда – прамавугольную раму, у якую ўстаўлялі тонкія (1 мм.) лучынкі (асінавыя або кляновыя). Памер берда залежыў ад якасці будучай тканіны. Дзеля атрымання грубай тканіны берда рабілася шырокім, зуб’е было радзей і бралася меншая колькасць пасмаў (8, 10, 12). Для тонкіх тканін берды браліся больш густыя. У X – XIII стст. сустракаліся берды шырынёй да 1 м.
Таксама былі часткі, якія не ўваходзілі ў канструкцыю стану, але з’яўляліся неабходнымі для ткацтва: чаўнок, цэўкі, сукала і пругі. Цэўка – палачка, даўжынёй 14 – 16 см., часцей за ўсё з бузіны, полая знутры, з невялікімі патаўшчэннямі па канцах. Выкарыстоўвалася для наматвання нітак утоку. Наматвалі з дапамогай сукала – 2 стойкі з замацаваным паміж імі валікам з махавым колам, якое пасіляла кручэнне валіка. На замацаваны з другога боку жалезны сцержань надзявалася цэўка. Цэўка памяшчалася ў чаўнок, які было патрэбна добра адшліфаваць, каб ён лёгка скальзіў паміж ніткамі асновамі. Пругі выкарыстоўваліся для раўнамернага нацягу тканіны. Гэта дзве накрыж скрэпленыя дошчачкі з убітымі па канцах цвікамі. Яны ставіліся на тканіну па цэнтры пад тупым вуглом, цвікі ўколваліся ў краі тканіны, дошчачка разпрамлялася і нацягвала тканіну.
Працэс вырабу тканіны, як бачна, — вялікая і нялёгкая праца жанчыны-сялянкі. Ён вёўся на працягу некалькіх месяцаў. Пры гэтым жанчыне даводзілася працаваць па 10 і больш гадзін у суткі. Адна жанчына, як сведчаць этнаграфічныя крыніцы, магла спрасці і выткаць за зіму да 100 аршын палатна (аршын каля 70 см).
Беларуская хатка
Сярод відаў матэрыяльнай культуры можна адзначыць жытло і ежу, якія нават у сучаснай вёсцы захавалі рысы традыцыйнасці.
На Беларусі склаўся пэўны характэрны комплекс сельскіх паселішчаў. Асноўныя назвы іх — вёска, сяло, слабада, ваколіца, засценак, мястэчка. Вёска (слова ўзнікла ад старажытнаславянскага “весь”) — асноўны тып вясковага паселішча — гэтак называлася, незалежна ад памераў, кампактнае пасяленне сялян. Зазвычай вёска не мела вялікіх сакральных, адміністрацыйных пабудоў; акрамя сялянскіх сядзіб, у ёй магла размяшчацца, хіба, карчма. Сяло да пачатку ХІХ ст. было досыць пашыранай назвай сельскага паселішча. Ад вёскі яно адрознівалася больш буйнымі памерамі, а таксама наяўнасцю адміністрацыйных устаноў, храмаў, адносна буйных кірмашоў. Разам з тым, пасля далучэння да Расіі сёлы паступова страчвалі свае старажытныя тыпалагічныя прыкметы, і на нашых землях пачала дамінаваць назва вёска. Слабодамі называліся пасяленні, жыхары якіх у ХVІІ—ХVІІІ стст. вызваляліся на пэўны час ад выплаты падаткаў, мелі льготы ў выкананні павіннасцяў з прычыны дрэннай якасці глебы (адсюль, магчыма, этымалогія слова слабада — паслабленні). Пазней слабодамі сталі называцца пасяленні рамеснікаў каля гарадоў, якія адсланіліся ад сельскай гаспадаркі, але не зрабіліся гараджанамі.
Характэранай асаблівацю беларускіх сельскіх паселішчаў з’яўляюцца ваколіцы — невялікія пасяленні дробнай шляхты, зазвычай агароджаныя плотам (там маглі жыць і зямяне, баяры — пераходныя групы паміж шляхтай і сялянамі). Тыпалагічна да ваколіцы быў падобен засценак — пасяленне, узніклае ў выніку “Уставы на валокі” за межамі (“сценамі”) зямлі, адмыслова падзеленай між сялян. Такія дзялкі зазвычай аддаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Ваколіцы і засценкі з цягам часу пераўтварыліся ў вёскі ці зніклі. Памежнае становішча ад гораду да вёскі займала мястэчка — адносна буйное селішча, вядомае на нашых землях з ХV ст. Заснаванае па каралеўскім прывілеі (ці самазвана), мястэчка абавязкова наладжвала таргі, а таксама кірмашы. Почасту яно мела й адміністрацыйныя ды культавыя ўстановы, сядзібу феадала. Насельніцтва мястэчка складалі гандляры, рамеснікі, сяляне.
Істотныя рэгіянальныя адрозненні бачны і ў планіроўцы пасяленняў. Заўважны ўплыў на характар планіроўкі зрабіла валочная рэформа, дзякуючы якой павялічылася колькасць вёсак з вулічнай планіроўкай, дзе сядзібы ішлі ўздоўж адной вялікай вуліцы, а насупраць ставіліся гаспадарчыя збудовы (так было, калі валоку трымаў адзін гаспадар), ці хаты — уздоўж вуліцы насупраць адна адной. На паўночным усходзе і ўсходзе вёскі былі параўнальна невялікімі, а планіроўка — аднарадная — уздоўж берагоў шматлікіх рэк і азёр, а таксама — бессістэмная. Разам з тым, меліся і вёскі з вулічнай планіроўкай.
Тыповы набор гаспадарчых пабудоў таксама вылучаўся рэгіянальнымі і этнаспецыфічнымі характарыстыкамі. У яго ўваходзілі хата, да якой прымыкалі камора ці варыўня, клець (на захадзе называлася свіран), хлявы (хлеў для коней — стайня), павець, адрына ці пуня — збудова для захавання сена, пограб (склеп), гумно з сушылкай (ёўняй, асеццю) ці без яе, лазня, калодзеж (студня); двор быў абгароджаны плотам. У ХVІІ—ХVІІІ стст. меліся і спецыяльныя ямы-сховішчы, у якіх наводдаль ад вёскі, у глухіх месцах, хавалі ежу і прадметы хатняга ўжытку — асабліва падчас ваенных дзеянняў.
За межы сядзібы выносіліся гумно, пуня, калодзеж . Пры гумне — сушыльні.
Лазні былі найбольш вядомы на ўсходзе і ўсходняй поўначы Беларусі. У заходніх раёнах мыліся ў хатніх печах, вялікіх карытах, улетку — у вадаёмах. Для мыцця маглі выкарыстоўваць і ёўню(сушылку — там была печ для сушкі збожжа
Цэнтральнае месца у сядзібе займала хата.Неабходна адзначыць тое, што нашы прашчуры мелі сваю філасофію жылля, якая адлюстроўвалася ў розных абрадах, звычаях, павер’ях.
У народным уяўленні здаўна прасочваецца сувязь паміж пабудовай жытла і будовай сусвету. Хата асэнсоўвалася як частка сусвету і, адначасова, — мадэль сусвету, што можна ўбачыць на дададзеным малюнку:
Столь у хаце сімвалізавала неба. Па ім – доўга трымалася ў народным уяўленні – рухалася сонца. Вышэй столі завоблачны свет, які абмяжоўваўся дахам хаты. Менавіта там, на гарышчы, паводле народных павер’яў, жылі духі памерлых продкаў.
Пераступанне цераз парог як мяжу паміж прасторай хаты і навакольным светам у народным побыце заўсёды суправаджалася рытуальнымі дзеяннямі. Напрыклад, у даўняй Беларусі, калі варочаліся з царквы пасля хрышчэння, бацька клаў немаўлятка на некалькі хвілін на парозе, што звалася “асвятліць дзіця цераз парог”. Так адзначаўся ўваход у хату новага члена сям’і.
Найбольш старадаўняя хата — аднакамерны будынак, да якога потым дадалі сенцы — так утварыўся двухкамерны будынак. Далейшая эвалюцыя хаты адбывалася праз ускладненне планіроўкі. Хутчэй за ўсё, першым трохкамерным будынкам быў у старажытнасці гэткі, што меў планіроўку хата+сенцы+камора.
Саму хату будавалі выключна з дрэва— яліны, хвоі. Цвікі таксама былі драўлянымі. На ніжнія вянцы выкарыстоўвалі дуб. Выкарыстоўвалі камяні-валуны, паміж якіх насыпалася дробнае каменне; іншым разам хату ставілі непасрэдна на зямлю.
У вуглах бярвенні злучаліся, як можна меркаваць, разнастайнымі спосабамі, найчасцей — з астаткам, калі канцы бярвенняў выступаюць за сцены. Страха была пераважна двухскатнаю.
Вокан (невялікіх, без рам, зачыняных засаўкамі, нярэдка — зацягнутых бычыным пузыром) зазвычай было тры ці чатыры. Два параўнальна вялікіх акон абавязкова сыходзіліся там, дзе ў хаце ўтвараўся кут (кутнія вокны). Над дзвярыма размяшчалася акенца для выхаду дыму, бо хаты былі без дымаходаў.
Падлога — добра утаптаная земляная ці глінабітная. Хаты зазвычай ставілі бокам да вуліцы (за выключэннем вёсак з вулічнай планіроўкай, вядомай пасля валочнай рэформы).
Да другой паловы ХІХ ст. хата была пераважна курнай, і працэс усталявання комінаў ішоў досыць марудна. Адтуліна для дыму рабілася над дзвярыма, дым выходзіў таксама праз адтуліну ў столі пасярэдзіне хаты, што закрывалася зверху, і, зразумела,— праз вокны.
Перад хатай была прыступка — калода ці камень. У хату ўваходзілі праз нізкія дзверы, пераступаючы праз парог.
Глінабітная печ, што з’явілася ў хаце пазней, размяшчалася адразу ля уваходу, справа ці злева ад яго. У куту каля печы быў качарыжнік — месца, дзе стаялі качарга, ухват, венік, іншыя прылады. З другога боку ад уваходу размяшчаўся “бабін кут”: стаялі вёдры, была падвешана палічка з посудам. За павернутым у хату вуглом печы станавіўся прыпечны слуп. Наяўнасць гэтага слупа ў старажытнасці досыць верагодная, бо менавіта вакол яго разгортваўся рытуал найбольш даўняга вясельнага абраду — слупавога. Ад печы да бакавой сцяны ішлі спальныя памосты: ніжні — пол, і той, што быў меншым у памеры,— палаці. Побач з імі была падвешана люлька. Ад пачывальных месцаў да куту ўздоўж сцяны стаяла шырокая, нязрушная лава (дубовая ці хваёвая), а да яе, уздоўж бакавой сцяны, падыходзіла яшчэ адна, гэткая ж. На покуці традыцыйна віселі абразы, агорнутыя ручнікамі, і стаяла дзяжа. Бліжэй да куту ставілі стол з невялікай перанасной лаўкай — услонам.
Хата асвятлялася лучынамі, замацоўванымі ў лучніках ці папросту паўтыканымі ў сцяну.
Хата, жытло чалавека, у народнай аксіялогіі беларусаў — сімвал найвялікшай каштоўнасці: «Свая хатка як родная матка».
Своеасаблівай воссю жытла выступае дыяганаль кут — печ, якая адным канцом паказвае на святло, усход, божы бок, а другім — на захад, цемру.
Значную ролю ў семантыцы жыллёвай прасторы і яе элементам грае традыцыйны інтэр’ер сялянскай хаты. Ля ўваходу печ, ля якой знаходзіўся качарэжнік. Супраць печы каля ўваходу размяшчаўся гаспадарчы («бабін») кут, дзе стаялі вёдры, кадушкі. Па дыяганалі на ўсход віселі абразы, там знаходзілася покуць, пасярод пакоя стаяў стол.
З левай стараны ад курнай хаткі мы можам убачыць серп, прыстасаванне для збору ягад, вілы і іншы сельскагаспадарчы інвентар і прылады працы.
Серп
Прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю,пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца 19ст. сярпы рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). Сярпы вырабляліся на заводах, шмат іх прывозілі на Беларусь з Цвярской губерніі. Мясцовыя кавалі таксама рабілі сярпы са старых кос. Перад жнівом сярпы зазубрывалі, тачылі іх рэжучую частку. Звычайна ў гаспадарцы кожная жняя мела свой серп. Захоўвалі іх да пачатку жніва ў сухім месцы, пры гэтым рэжучую частку абкручвалі сухой анучай. Сярпамі жалі яшчэ ў 1950 — 60-х г. У наш час у калгасах і саўгасах збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнамі і інш. машынамі; сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп (зажынкі, дажынкі).
Вілы
Ручная прылада для падняцця і пераносу снапоў, сена, саломы і г.д. Вядомы вілы драўляныя і металічныя з 2-3 пальцамі (зубамі) даўжынею 40-50 см і круглым гладка адшліфаваным дзержаком даўжыней 1,5-3 м. У трохзубых вілах трэці палец размешчаны насупраць двух як проціпалец. Драўляныя трохзубыя вілы выкарыстоўваліся ў сялянскіх гаспадарках пры сціртаванні снапоў і саломы, стагаванні сена, двухзубыя – для вытрасання саломы ў час малацьбы, прыгатавання трасянкі. У наш час бытуюць вілы з металічнымі пальцамі.
Цэп
Прасцейшая драўляная прылада для малацьбы збожжа. Складаецца з гладка выструганай палкі-цапільна і біча, рухома змацаваных паміж сабой. Звычайна біч быў круглы з патаўшчэннем на канцы. Цапільна рабілі з легкіх парод дрэва (дубу, грабу і інш.). Спосабы мацавання біча да цапільна: гужавы, або гужыкам, з дапамогай адной ці двух капіц, пятліцавы і хамуцікам.
Лапці
Традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага), пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Лыка для лапцей дралі ў маі-чэрвені, нарыхтоўвалі таксама луцце- тонкія ліпавыя жэрдкі з карой. У залежнасці ад тэхнікі вырабу вылучаліся два тыпы лапцей:прамога і касога пляцення.
Выраб лапцей быў пераважна мужчынскім заняткам. Лапці насілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці на працягу ўсяго года. Іх надзявалі на палатняныя анучы, зімой-на суконкі. Дробная шляхта замест ануч ужывала шарсцяныя панчохі.
Збан
Ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і вушкам-ручкай. Назва збан успамінаецца ў помніках старабел. пісьменнасці. Выраблялі збаны чорна-задымленыя і паліваныя па ўсей Беларусі.
Ложак
Від мэблі, прыназначаны для адпачынку і сну. Вядомы з часоў сярэднявечча ў сядзібна-палацавых інтэр’ерах. У народным сялянскім жыллі набыў пашырэнне з 19 ст., замяніўшы сабой у інтэр’еры хаты пол і палаці, часам бытавалі паралельна. У наш час самаробныя драўляныя ложкі выцясняюцца прамысловымі вырабамі: у 20-50-я г. металічнымі, у наш час-драўлянымі розных форм і відаў; традыцыйна аздабляюцца тканымі вырабамі прамысловай ці хатняй вытворчасці.
Лапата
Прылада, з дапамогай якой саджалі цеста ў печ і даставалі хлеб з печы, падграбалі на таку і перамешвалі збожжа, падграбалі і раўнялі бульбу ў буртах. Рабілі яе з дошкі звычайна лісцевых парод дрэва. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Лапата для перамешвання збожжа мела неглыбокае авальнае выдзеўбанае дно.
Вілкі
Хатні бытавы (пячны) інвентар. Лакальная назва ўхваты. Паўкруглы жалезны рагач (ухват), насаджаны на доўгае драўлянае цаўё. Служыць для падхвату гаршкоў, чыгункоў, якія ставяць у печ або дастаюць з яе. У інтэр’еры традыцыйнай сялянскай хаты вілкі займаюць месца каля печы ў качарэжніку. Разам з качаргой, чапялой і інш. пячным інвентаром.
Карыта або ночва
Прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбанная з дрэва або збітая з дошак. Выкарыстоўваецца звычайна для кармлення і вадапою жывёлы.
Пранік
Пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі) бялізну пры мыцці, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса.
Корабы з лубу
Ёмістасць для захоўвання і пераносу сыпучых прадуктаў (збожжа, мукі, круп, гароху і інш.), сплеценых з лубу. Круглыя ці авальныя корабы пераважна мелі канфігурацыю збанка, бочкі, гаршка, часта іх рабілі з вечкам; падстаўкай служылі адно ці два саламяныя звёны або лазовы прут. Мелі добрую вентыляцыю, таму ў іх нядрэнна захоўваліся прадукты. Корабы вылучаюцца разнастайнасцю форм, прыроднай прыгажосцю матэрыялу. Пашыраны былі на большай частцы Беларусі.